САЮ́З ДАСЯГНЕ́ННЯ РАЎНАПРА́ЎЯ ЯЎРЭ́ЯЎ У РАСІ́І Існаваў з сак. 1905 да мая 1907. На Беларусі саюз дзейнічаў у Гомелі, Мінску, Гродне і інш. гарадах і мястэчках. Устаноўчы сход адбыўся ў крас. 1905 у Вільні, створаны цэнтр. камітэт саюза, у які ўвайшлі М.​Вінавер (старшыня), Ю.​Гесен (сакратар), С.​М.​Дубноў, Г.​Б.​Сліёзберг. Дзейнасць зводзілася да арганізац. мер для ўдзелу яўрэяў у выбарах у Дзярж. думу, прававой дапамогі яўр. насельніцтву. Чл. саюза выступалі за асіміляцыю яўрэяў у складзе Рас. імперыі (у адрозненне ад сіяністаў), за роўныя правы ў галіне адукацыі і культуры, за тэр аўтаномію. Па нац. пытанні падтрымлівалі партыю кадэтаў. Адбыліся 4 з’езды саюза. У сак. 1906 саюз перайменаваны ў «Таварыства раўнапраўя яўрэйскага народа ў Расіі». Чл. саюза ўдзельнічалі ў выбарах у 1 -ю Дзярж. думу (6 дэпутатаў увайшлі ў фракцыю кадэтаў) і 2-ю Дзярж. думу. Саюз меў друк. выданні: газ. «Еврейская жизнь» (1905—07), «Хроника еврейской жизни» (1905—06), «Еврейский выборщик» (1907). У маі 1907 саюз раскалоўся на «Яўрэйскую народную групу», Яўрэйскую нар. партыю (заснавальнік Дубноў) і сіянісцкую партыю.

Э.​Р.​Іофе, Э.​А.​Ліпецкі.

т. 14, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)